ЗАБЛУ́ДАЎСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у г. Заблудаў (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча) у 17—19 ст. Некат. гісторыкі лічаць, што манастыр існаваў ужо ў 1560—70-я г. ў час дзейнасці ў Заблудаве друкароў І.Фёдараеа і П.Мсціслаўца (Свята-Успенская царква ў Заблудаве засн. ў 1563). Упершыню ўпамінаецца ў фундушавым запісе 1659 уладальніцы Заблудава кн. Марыі Малдаванскай, удавы Я.Радзівіла. З запісу вынікае, што манастыр засн. да смерці Радзівіла (1655). У 1664—88 манастыром спрабавалі завалодаць уніяты, але намаганнямі дачкі і ўнучкі Марыі ён застаўся праваслаўным. У 2-й пал. 17 ст. пры манастыры дзейнічалі школа, шпіталь, б-ка. У 1746—55 тут захоўваліся мошчы св. Гаўрыіла Беластоцкага. У сярэдзіне 18 ст. манастыр заняпаў (у 1760 былі 4 манахі). Пасля наведання манастыра слуцкім архімандрытам Паўлам Ваўчанскім (1783) зроблены капітальны рамонт, аднавілі дзейнасць школа і шпіталь. З 1807 манастыр быў падпарадкаваны Мінскай епархіі, у 1824 скасаваны.
М.Р.Гайдук.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)